Мастацтва нарадзілася зь бясьсільля розуму, зь няможнасьці зразумець, вытлумачыць сутнасьць існага і сэнс існаваньня. Мастацтва — гэта татальная параза мысьленьня, адкуль яно (мастацтва) і паўстала як вонкавае адлюстраваньне незразуметасьці і нявыказанасьці трансцэндэнцыі быцьця.
Аднак мастацтва не было выйсьцем зь інтэлектуальнага тупіка, яно было ілюзіяй выйсьця, якая сама гэтага выйсьця і не патрабуе. Разам з тым мастацтва ў нейкай меры здымала праблему выйсьця, бо, ствараючы другую, праз вобраз, рэальнасьць, яно паказвала на іншы шлях: не ўразуменьне прычыны і сутнасьці некім намацанага сьвету, а стварэньне свайго ў малюнках, містэрыях, моўленых вобразах; у жыцьці як непарыўным творчым акце.